Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп загадаў увесьці 100% тарыф на фільмы замежнай вытворчасьці, каб «выратаваць» Галівуд


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША абвясьціў аб увядзеньні 100% тарыфаў на фільмы, зьнятыя за межамі краіны, заявіўшы, што амэрыканская кінаіндустрыя памірае «вельмі хуткай сьмерцю» з-за стымулаў, якія іншыя краіны прапануюць, каб прыцягнуць кінематаграфістаў.

Гэта сумесныя намаганьні іншых краін і, такім чынам, пагроза нацыянальнай бясьпецы. Акрамя ўсяго іншага, гэта пасыл і прапаганда», — напісаў Дональд Трамп у Truth Social, перадае Reuters.

Трамп заявіў, што дазваляе адпаведным дзяржаўным установам, такім як Міністэрства гандлю, неадкладна пачаць працэс увядзеньня 100% тарыфаў на ўсе фільмы, зьнятыя за мяжой, якія затым адпраўляюцца ў Злучаныя Штаты. Ён дадаў, што амэрыканцы зноў хочуць фільмаў, зьнятых на радзіме, а не за мяжою.

Міністар гандлю Говард Лутнік у сацсетцы X сказаў, што ўжо займаецца пытаньнем.

Ні Латнік, ні Трамп не падалі ніякіх падрабязнасьцяў таго, як будуць уводзіцца тарыфы.

Пакуль незразумела, ці будуць тарыфы распаўсюджвацца на фільмы на стрымінгавых сэрвісах, а таксама на тыя, што паказваюцца ў кінатэатрах, ці яны будуць разьлічвацца на аснове выдаткаў на вытворчасьць або касавых збораў. Кіраўнікі Галівуду спрабавалі высьветліць падрабязнасьці ў нядзелю ўвечары. Асацыяцыя кінематаграфістаў, якая прадстаўляе буйныя студыі, ня дала ніякіх камэнтароў.

У студзені Трамп заявіў, што вэтэраны Галівуду Ён Войт, Сыльвэстар Сталонэ і Мэл Гібсан павінны вярнуць Галівуд «большым, лепшым і мацнейшым, чым калі-небудзь раней».

У панядзелак лідэры Аўстраліі і Новай Зэляндыі адрэагавалі на заяву Трампа аб тарыфах, сказаўшы, што будуць адстойваць інтарэсы мясцовых індустрый. Некаторыя фільмы пра супэргерояў Marvel былі зьнятыя ў Аўстраліі, у той час як Новая Зэляндыя была фонам для фільмаў «Уладар пярсьцёнкаў».

Паводле дадзеных дасьледчай фірмы ProdPro, у 2023 годзе каля паловы выдаткаў амэрыканскіх прадусараў на кіна- і тэлевізійныя праекты зь бюджэтам больш за 40 мільёнаў даляраў было вывезена за межы ЗША.

Паводле зьвестак FilmLA, некамэрцыйнай арганізацыі, якая адсочвае вытворчасьць у рэгіёне, вытворчасьць фільмаў і тэлевізіі за апошняе дзесяцігодзьдзе ў «родным горадзе» Галівуду, Лос-Анджэлесе, скарацілася амаль на 40%.

Студзеньскія лясныя пажары ўзмацнілі занепакоенасьць тым, што прадусары могуць шукаць працу за межамі Лос-Анджэлесу, а апэратары, дызайнэры касьцюмаў, гукарэжысэры і іншыя работнікі, якія працуюць за кадрам, могуць пераехаць з гораду, замест таго, каб спрабаваць аднавіць свае ўчасткі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG