Пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў да пачатку 5 траўня Джорджэ Сім’ён, 38-гадовы лідэр партыі «Альянс за адзінства румынаў» (AUR), быў лідэрам з 40,9 працэнта, або 3 857 463 галасамі, паводле зьвестак Цэнтральнага выбарчага бюро Румыніі.
55-гадовы Нікушор Дан, прымар (мэр) Бухарэсту, якога лічаць палітычна памяркоўным, позна ўвечары перамог Крына Антанэску, сябра кіроўнай парлямэнцкай кааліцыі, дзякуючы галасам дыяспары.
Паводле зьвестак выбарчых камісіяў, былі падлічаны амаль усе галасы дыяспары. У дыяспары прагаласавалі каля 973 000 чалавек. Сім’ён набраў найбольш галасоў у дыяспары — 61%, за ім ішоў Дан з 26% і Антанэску з 6,8%. У агульнай суме Дан атрымаў 20,98% галасоў, а Антанэску 20,1%, гэта розьніца ў 82 000 галасоў.
Ранейшыя апытаньні вядучых кампаніяў паказвалі падобныя агульныя вынікі, хоць яны давалі Сім’ёну меншую перавагу і вышэйшы вынік Дану.
«Я думаю, што гэта вынік незваротны», — сказаў Антанэску пасьля таго, як адсотак Дана перасягнуў ягоны. — Я прэзэнтаваў адну праграму, але вэрдыкт румынскага народу быў іншым».
«Лічбы відавочныя — грамадзяне выказалі сваю думку. Думаю, я завяршаю гэтую спробу з высока паднятай галавой».
Прэзыдэнта ў краіне мелі абраць яшчэ ў канцы мінулага году, аднак тады вынікі першага туру, у якім паперадзе быў правы папуліст Кэлін Джарджэску, ануляваў Канстытуцыйны суд з прычыны магчымага вонкавага ўмяшаньня ў выбары і парушэньня правілаў выбарчай кампаніі.
Посьпех Джарджэску, які выступаў у тым ліку з прарасейскімі і антыўкраінскімі заявамі, быў нечаканым. Румынскія ўлады анулявалі вынікі выбараў пасьля абвінавачаньняў ва ўмяшаньні Расеі ў перадвыбарчую кампанію, спэцслужбы паказвалі на сумнеўнае фінансаваньне маштабнай кампаніі ў падтрымку кандыдата ў сацыяльных сетках, асабліва ў TikTok. Джарджэску было забаронена ўдзельнічаць у новых выбарах, а для паўторнага галасаваньня, якое праходзіць сёньня, увялі шэраг новых правілаў.
38-гадовы Сім’ён называе сябе аднадумцам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён намякаў на тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Ўкраіны і заклікаў да абʼяднаньня Румыніі з Малдовай. Кандыдат таксама заклікаў спыніць вайсковую дапамогу Ўкраіне, хоць і адмаўляў, што мае прарасейскія пазыцыі.
24 красавіка выбарчыя органы Румыніі абʼявілі аб пачатку расьсьледаваньня ў дачыненьні да партыі Сім’ёна «Альянс за адзінства румынаў» (AUR). Партыю падазраюць у парушэньні правілаў фінансаваньня выбарчых кампаніяў. Сім’ён адпрэчвае гэтыя абвінавачаньні.
18 траўня адбудзецца другі тур галасаваньня — за двух лідэраў першага туру.
Форум