У Румыніі ў нядзелю 4 траўня праходзяць прэзыдэнцкія выбары. Прэзыдэнта ў краіне павінны былі абраць яшчэ ў канцы мінулага года, аднак тады вынікі першага тура, па выніках якіх лідзіраваў правы папуліст Кэлін Джарджэску, былі ануляваныя Канстытуцыйным судом з-за магчымага зьнешняга ўмяшаньня ў выбары і парушэньня правілаў вядзеньня выбарчай кампаніі.
На пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць 11 кандыдатаў. Джарджэску, які лідзіраваў у апытаньнях, сярод іх няма — суд забараніў яму балятавацца пасьля таго, як супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа.
Сярод кандыдатаў — блізкі да Джарджэску па поглядах правы папуліст Джорджэ Сыміён. Паводле апошніх апытаньняў, ён прэтэндуе на першае месца паводле вынікаў першага тура з прыкладна 30% галасоў. Для перамогі ў першым туры неабходна больш за 50%.
Сыміён прыйшоў раніцай у нядзелю на выбарчы ўчастак у суправаджэньні Джарджэску.
Яўка выбаршчыкаў на 12 гадзін амаль дасягнула 20%. Яна вышэйшая, чым яўка ў першым туры ў 2024 годзе. Таксама паведамляецца, што больш актыўна, чым раней, галасуюць прадстаўнікі румынскай дыяспары за мяжой.
Сярод асноўных супернікаў Сыміёна — кандыдат ад кіруючай кааліцыі Крын Антанеску і мэр Бухарэста Нікушор Дан. Іх называюць цэнтрысцкімі і праэўрапейскімі кандыдатамі. Сярод прыкметных удзельнікаў кампаніі таксама прэм’ер Віктар Понта і Элена Лясконі, суперніца Джарджэску па другому туру выбараў, які не адбыўся.
Посьпех Джарджэску, які выступаў у тым ліку з прарасейскімі і антыўкраінскімі заявамі, быў нечаканым. Румынскія ўлады анулявалі вынікі выбараў на фоне абвінавачаньняў у расейскім умяшаньні ў перадвыбарчую кампанію, спэцслужбы ў прыватнасьці ўказвалі на сумнеўнае фінансаваньне маштабнай кампаніі ў падтрымку кандыдата ў сацсетках, асабліва ў цік-току. Джарджэску было забаронена ўдзельнічаць у новых выбарах, а для паўторнага галасаваньня, якое праходзіць сёньня, быў уведзены шэраг новых правілаў.
38-гадовы Сыміён заяўляе аб сабе як аб аднадумцу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён намякаў на тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Ўкраіны і заклікаў да абʼяднаньня Румыніі з Малдовай. Кандыдат таксама заклікаў спыніць ваенную дапамогу Ўкраіне, хаця і адмаўляў, што настроены прарасейску.
24 красавіка выбарчыя органы Румыніі абʼявілі аб пачатку расьсьледаваньня ў дачыненьні да партыі Сыміёна «Альянс за адзінства румынаў» (AUR). Партыю падазраюць у парушэньні правілаў фінансаваньня выбарчых кампаній. Сыміён адмаўляе гэтыя абвінавачаньні.
Калі ніводзін з прэтэндэнтаў не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў, 18 траўня адбудзецца другі тур галасаваньня паміж двума лідэрамі першага тура.
Форум