Дэпутаты Эўрапарлямэнту падпісалі 846 паштовак беларускім палітвязьням

Падпісаньне паштовак беларускім палітвязьням у Эўрапарлямэнце

У Эўрапейскім парлямэнце прайшла ўжо трэцяя акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязьняў.

У рамках ініцыятывы #EPStandsBYyou эўрапейскія палітыкі з усіх камітэтаў і палітычных групаў Эўрапарлямэнту ў Страсбурзе зладзілі акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

З 10 па 13 сакавіка яны пісалі ім лісты і паштоўкі. Агулам падпісана 846 паштовак — гэта найбольш за ўсю гісторыю праекту з 2022 году, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

#EPStandsBYyou — ініцыятыва сяброў Эўрапейскага парлямэнту ад розных партыяў пад эгідай прэзыдэнткі ЭП Рабэрты Мэтсалы. Праект рэалізуецца ў супрацы з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Мэта ініцыятывы — прыцягнуць увагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці да становішча палітычных зьняволеных, якіх рэжым Лукашэнкі незаконна трымае ў турмах у нечалавечых умовах і ўжывае супраць іх пастаянныя рэпрэсіі.

Першая падобная акцыя была арганізаваная ў сьнежні 2022 году, другая — у сакавіку 2024 году, трэцяя адбылася на гэтым тыдні ў будынку Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Шарэнда-Панасюк ў Эўрапарлямэнце: «Аднойчы мы зоймем сваё законнае месца ў гэтай палаце»