Мэр Масквы Сяргей Сабянін напісаў у тэлеграме, што ў ноч на пятае траўня чатыры бесьпілётнікі, якія ляцелі ў бок Масквы, былі зьбітыя ў раёне Падольска. Паводле яго слоў, пацярпелых і разбурэньняў няма.
Мінабароны Расеі таксама паведаміла аб чатырох дронах, перахопленых над Маскоўскай вобласьцю не пазьней за 2:30. Акрамя таго, 17 БПЛА, як сьцьвярджае расейскае ваеннае ведамства, былі зьбітыя над Бранскай вобласьцю, яшчэ пяць — над Калускай.
На час налёту дронаў у маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава» ўводзіліся часовыя абмежаваньні на прыём і выпуск самалётаў, паведамлялі ў «Расавіяцыі». Праз гадзіну абмежаваньні былі зьнятыя.
Відавочцы публікуюць відэа, на якіх, як мяркуецца, чутныя гукі працы СПА ў Падольску.
Украіна паведамленьня аб налёце дронаў не камэнтавала.
Падольск, як вынікае з інтэрактыўнай карты сыстэм СПА ў Маскве і Маскоўскай вобласьці, з трох бакоў аточаны пазыцыямі зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр».
Удар «Шахедаў» па Канатопе
У ноч на 5 траўня расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па гораду Канатопу ў Сумскай вобласьці ўдарнымі дронамі тыпу «Шахед» і балістычнымі ракетамі, — паведаміў мэр горада Арцём Семяніхін. У выніку атакі зьнішчаны «аб'ект інфраструктуры». Ахвяр і пацярпелых няма.
Форум